Кніга, якая атрымала надзвычай высокія водгукі ад інтэлектуалаў у эміграцыі, доўгі час была пад савецкай забаронай, і нарэшце, перакладзеная на беларуску мову, дайшла да беларускага чытача. Па сіле гучання яе параўноўвалі нават з «Ціхім Донам» Міхаіла Шолахава. Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш ставіў «Надбярэзінцаў» у адзін шэраг з «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча і «Патопам» Генрыка Сянкевіча. Сапраўды, гэта раман, дзе ты з першых старонак робішся маўклівай сведкай тых гістарычных падзей.

Фларыян Чарнышэвіч – польскі пісьменнік, які нарадзіўся ў Бабруйску і належыў да дробнай засценкавай шляхты, змог па-майстэрскі і поўна апісаць не толькі быт пачатку ХХ стагоддзя, але і ўвесь трагізм гэтага часу. Сам быў удзельнікам у польска-савецкай вайне 1920 г., пасля чаго з’ехаў у Вільню, а адтуль назаўсёды эміграваў у Аргентыну, дзе і памёр. Аўтар чатырох раманаў, аднак найбольшую вядомасць яму прынёс твор «Надбярэзінцы».

Надбярэзінцы. Гэта больш за 600 старонак захапляючага аповеду, у якім пераплялася наша забытая гісторыя, яркія этнаграфічныя замалёўкі, прыгажосць беларускага краю, вясковае жыццё з яго мудрасцю і гумарам, каханне, здрада, забойствы, цяжкі выбар і трагедыя простага чалавека ў віхуры гістарычных падзей.

Калі яшчэ пра габрэйства на Беларусі сталі больш пісаць, то літаратуру пра лёс польскіх шляхецкіх засценкаў паміж Бярэзінай і Дняпром у 1911-1920 гадах не так і лёгка адшукаць. Кніга мае аўтабіяграфічны характар і апавядае пра складаныя этнічныя ды палітычныя стасункі на гэтых землях. У рамане фігуруюць Бабруйск, Жлобін, Бялынічы, а асноўнае дзеянне адбываецца на прасторах сучаснага Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці, у вёсцы Смалярня і мястэчку Вонча. Гэтыя мясціны цяпер актыўна шукаюць краязнаўцы. Варта адзначыць, што ў творы двойчы ўзгадваюцца Шацілікі.

Сачыць за лёсам дзвюх галоўны герояў –  Стаха ды Косціка, якія праходзяць розныя выпрабаванні ад царскі часоў да вайны 1920 г., падобна назіранню за гісторыяй нашых малых радзім.

Раман «Надбярэзінцы» ёсць у продажы ў беларускіх інтэрнэт-выдавецтвах.

«Вайна шалела. Мабілізоўвалі ўсё маладзейшых рэзервістаў і рэкрутаў, рэквізавалі коней, быдла, збожжа, корм. Незлічоныя палкі маладзёнаў ішлі на жудасную разню, чалавечы здабытак чакала марнае знішчэнне».